Конкурсная дакументальная праграма
17 красавіка, 18:30 - Музей гісторыі беларускага кіно, вул. Свярдлова, 4

Дакументальнае кіно сёння моцна ўплывае на ігравоевое - трэндам апошніх гадоў з'яўляюцца фільмы, знятыя па рэальных падзеях. Але ў ім захоўваецца свая спецыфіка працы з рэальнасцю — суровая матэрыя штодзённасці прарываецца праз мастацкую апрацоўку творцаў.

Кошт квітка ў Музей гісторыі беларускага кіно - 20 тысяч.

Бадзяжка Юрык / Дар'я Андрыянава ( Belarus, 18 min)

Юра - чалавек без пэўнага месца жыхарства, да таго ж, з нястрымнай цягай да бадзяжніцтва. Падчас прагляду фільма мы даведаемся, як у яго атрымліваецца знаходзіць сродкі да існавання, чым ён жыве і пра што думае, пазнаёмімся з яго сябрам святаром, пачуем голас яго дзяўчыны, паспрабуем зразумець і проста паназіраць за тым, як жыве Юра.

Рыцар мораў / Хонай Гарсія ( Spain, 11 min)

Жыццё кубінскага марака Пэдра Лейва ператвараецца ў падарожжа, з якога яму не наканавана вярнуцца. Ён пачынае бясконцую шахматную партыю супраць нуды, адзіноты і аднастайнасці, якія сустрэліся яму на шляху пасля доўгіх гадоў плавання.

Пачуццё дому / Тамі Ліберман ( Germany, 10 min)

Тамі - пачатковец у трохмерным свеце анлайн-гульні Second Life. Яна камунікуе з уладальнікамі віртуальных дамоў у гульні, спрабуючы знайсці свой страчаны дом. Спалучаючы кадры з рэальнага і віртуальнага жыцця, Тамі пазнае, што значыць мець дом у віртуальную эпоху і як зняць пра гэта фільм.

Шчасце ў дробязях / Бэксі Буш ( United Kingdom (Great Britain), 11 min)

Ці не хочаце кубачак гарбаты? Заходзьце і сядайце ва ўтульнай гасцінай Лін, паслухайце яе гісторыю кахання ў час вайны і паглядзіце, як яе рэчы ажываюць і напаўняюцца надзеяй, страхам і вясёлымі гісторыямі гэтай энергічнай лэдзі. Удалае спалучэнне дакументальнай аповесці, анімацыі і магіі. "Будзь задаволены тым, што ёсць", - агучвае сама Лін Шофілд з Саўтпорт, Мерсісайд, жанчына, чыё жыццё складаецца з тысячы гісторый.

З Раством, Уладзімір! / Уладзімір Казлоў ( France, 7 min)

Напярэдадні Раства рускі імігрант апранаецца Санта Клаўсам у супермаркеце ў Францыі перад тым, як сустрэць свята ў адзіноце.

Бласлаўлёна будзе гэтае месца / Карл Олсан ( Denmark, 29 min)

"Бласлаўлёна будзе гэтае месца" - фільм, які складаецца з некалькіх гісторый пра пошукі сябе і свайго месца пад сонцам. У гэтым фільме мы назіраем за людзьмі ў тых месцах, у якіх жыццё набывае сэнс.